Шахматная школа анлайн

З канца сакавіка амаль ўсё жыццё нашага клуба сышло ў анлайн. Мы гуляем у турнірах на chess.com, трэнеры з вучнямі перапісваюцца ў мэсэнджэрах, але зразумела, што самае галоўнае - гэта заняткі. Іх структура цалкам адпавядае звычайным: тэорыя ды практыка. Тэарэтычная частка адбываецца на платформе zoom, практычная - на тым самым chess.com. 

Напачатку, вядома, былі сумневы, ці атрымацца ажыццявіць задуму - цалкам перанесці навучальны працэс у анлайн і не згубіць у якасці. Ці будзе зручна трэнеру? А вучням? Ці будзе ва ўсіх вучняў тэхнічны доступ да заняткаў і ці разбяруцца ўсе ў нашай інструкцыі? Ці зможа трэнер падтрымліваць дысцыпліну?

Цяпер, калі працэс цалкам адладжаны, мы атрымалі адказы на свае пытанні.

Трэнерам зручна

Большасці з трэнераў давялося трохі пераабсталяваць свае кампутары: ад простага спампоўвання новых праграмаў да набыцця новага ноўтбука. Але затое адчуваем плюсы - хадзіць на працу можна проста ў суседні пакой :)

Вучні хутка прыстасаваліся

З вучнямі складаней, іх трошкі болей за трэнераў. І калі нехта ўжо меў досвед працы ў zoom, то нехта бачыў падобнае ўпершыню. Большасці даводзілася тлумачыць, як наладзіць усю сістэму - гэта нармальны працэс пад час ўвядзення чагосьці новага.

Вядома, да новага фармату далучыліся далёка не ўсе. У кагосьці не хапала чагосьці тэхнічна (сучаснага кампутара, хуткага інтэрнэту і г.д.). Але самы галоўны фактар - страх новага. Гэтая з’ява настолькі моцная, што пераадолець цалкам яе вельмі складана. Але мы ганарымся бацькамі нашых вучняў і тым, што такі вялікі адсотак з іх не пабаяўся навацый! Спадзяемся, што і астатнія наважацца;)

Заняткі падобныя да афлайнавых

Непасрэдна на занятку таксама ўсё дастаткова зручна: трэнер бачыць сваю вялікую дэманстрацыйную дошку і ўсіх вучняў адначасова. Зразумела, хто чым займаецца: актыўна ўдзельнічае, калупаецца ў носе ці глядзіць у тэлефон пад стол. Выклікае трэнер вучняў па паднятай руцэ, яе таксама добра бачна. А калі нехта пачынае свавольнічаць і словы трэнера не дапамагаюць, то ў крайнім выпадку можна адключыць гук і нават выдаліць з урока. Праўда, пакуль да гэтага не даходзіла:)

Малодшыя таксама могуць займацца

Працаваць з малодшымі таксама рэальна. Вядома, старэйшым прасцей самастойна заходзіць у zoom ды chess.com. Але на першых занятках удзел бацькоў ды дапамога адміністратара былі неабходныя абсалютна для ўсіх. Але зараз збольшага ўсе ва ўсім разабраліся. А для таго, каб бацькі і далей маглі дапамагаць 6-7-гадовым дзецям, іх заняткі пачынаюцца ў той час, калі большасць бацькоў ужо вяртаюцца з працы.

Высновы

Як выснова - шахматы можна выдатна прыстасаваць для працы ў анлайне. Нам з гэтым моцна пашанцавала, значна болей, чым іншым відам спорту. Таму зараз усім трэба гэтым карыстацца. 

Ва ўмовах пандэміі варыянтаў якасных заняткаў не так і шмат. Таму шахматам вучыцца варта пачынаць нават тым, хто гуляць пакуль яшчэ не ўмее. 

А тым, хто ўжо займаецца, досвед карыстання zoom і гульнявымі платформамі, аналізатарамі ды дэбютнымі базамі спатрэбіцца ў далейшым шахматным жыцці ў любым выпадку.

Дадаць каментарый