13-14 студзеня ў клубе Шахматны дом адбудзецца другі Шахматны ўікэнд, і ў яго межах пройдзе другая лекцыя беларускага гросмайстра Сяргея Каспарава. Гэтым разам тэма - «Ахвяра якасці» - будзе цікава і карысна ўсім шахматыстам, хто жадае пашырыць сваё разуменне гульні.

Таксама ў межах ўікэнда пройдзе турнір па хуткіх шахматах, а гульня ў клубе ў гэтыя дні будзе бясплатная.

Лекцыя гросмайстра

Лекцыя адбудзецца 14-га студзеня (нядзеля) у 10:00.

"Ахвяра якасці" - тэма, якая шмат каго цікавіць (напярэдадні першай лекцыі мы ладзілі апытанку, якая тэма лекцый найцікавейшая, і "ахвяра якасці" была на першым месцы. Тэма складаная і патрабуе пэўнага ўзроўня шахматнай падрыхтоўкі, але без разумення магчымасцей такой ахвяры нельга перайсці праз мяжу, што аддзяляе шахматыста-аматара ад майстра.

Гросмайстар па шахматах Сяргей Каспараў

Нагадаем, што першая з серыі лекцый Сяргея Каспарава прайшла ў нашым клубе 12 лістапада і была прысвечана асаблівасцям пазіцый са здвоенымі пешкамі.

Другая лекцыя пройдзе ў тым жа фармаце, што і першая:  на вялікай шахматнай дошцы на праекцыйным экране лектар будзе перамяшчаць фігуры ў пазіцыях-узорах, дзяліцца з намі ведамі і задаваць слухачам пытанні. Таксама ў працэсе можна будзе задаваць лектару пытанні і ўдакладняць незразумелыя моманты. Задаць пытанні гросмайстру можна будзе і пасля лекцыі падчас абмеркавання матэрыялу.

Працягласць лекцыі - 1 гадзіна, пасля чаго адведзены час на абмеркаванне і пытанні. Пасля лекцыі ўсім слухачам на электронную пошту будуць дасланыя лекцыйныя матэрыялы: пазіцыі, што разглядаліся, з каментарамі.

Кошт лекцыі - 10 рублёў для ўсіх слухачоў і 8 рублёў для чальцоў клуба Шахматны дом, а таксама для пенсіянераў па ўзросце (жанчыны ад 55 гадоў, мужчыны ад 60 гадоў - пры прад'яўленні пашпарта).

Тыя, хто ня быў на першай лекцыі і яшчэ не знаёмы з Сяргеем Каспаравым, могуць даведацца аб ім падрабязней у яго блогу пра шахматы і падарожжы - http://kasparovserchess.blogspot.com.by/

Турнір па хуткіх шахматах

У межах "шахматнага ўікэнда" 13-14 студзеня таксама пройдзе турнір па хуткіх шахматах для ўсіх ахвотных з кантролем часу 10 + 5 (10 хвілін на партыю кожнаму ўдзельніку + 5 секунд дадаецца за кожны ход).

Ўнёсак у турнір - 10 рублёў для ўсіх удзельнікаў і 5 рублёў для слухачоў лекцыі і чальцоў клуба Шахматны дом, а таксама для пенсіянераў па ўзросце (жанчыны ад 55 гадоў, мужчыны ад 60 гадоў - пры прад'яўленні пашпарта).

Палажэнне аб турніры

Расклад мерапрыемстваў Шахматнага ўікэнда:

13.01 субота:

  • 10:00 - адкрыццё турніру па рапідзе.
  • 10:30 - 1-6 тур турніру.
  • 15:00-18:00 - усе ахвотныя могуць бясплатна пагуляць у нашым клубе.

14.01 нядзеля:

  • 10:00 – лекцыя Сяргея Каспарава.
  • 12:00 – 7-9 тур турніру.
  • 15:00-18:00 - усе ахвотныя могуць бясплатна пагуляць у нашым клубе.

Кошт удзелу

  • Толькі лекцыя - 10 руб.
  • Толькі турнір - 10 руб.
  • Лекцыя + турнір - 15 руб.

Зніжкі

Зніжкі на мерапрыемствы "шахматнага ўікэнда" прадугледжаныя для чальцоў клуба Шахматны дом, а таксама для пенсіянераў па ўзросце (жанчыны ад 55 гадоў, мужчыны ад 60 гадоў - пры прад'яўленні пашпарта):

  • Кошт лекцыі - 8 руб.
  • Кошт унёска ў турнір - 5 руб.

Запрашаем усіх узяць удзел у шахматным свяце!

Дадаць каментарый