За апошнія месяцы вельмі моцна ўзрасла папулярнасць буйных шахматных платформаў. Наш клуб гуляе і займаецца на адной з іх - chess.com Таму пра яе я ведаю лепш за іншыя.
Сайт першапачаткова англамоўны, але мае версіі на шмат якіх мовах, у тым ліку на беларускай і рускай.
На сайце можна гуляць з выпадковымі супернікамі ці ў турнірах ды выбіраць для гэтага ўлюбёны кантроль часу. Усё даволі проста. Але не ўсе ведаюць, што chess.com мае свае дадатковыя правілы паводзінаў ды прынцыпы сумленнай гульні. Агульныя для ўсяго сайту правілы апублікаваныя на асобнай старонцы: https://www.chess.com/community
Агульныя правілы chess.com
Звярнем увагу на некаторыя правілы праз ігнараванне якіх часта трапляюць пад бан шахматысты-пачаткоўцы:
- Не адмяняйце партыі занадта часта - калі пачалі гульню, не кідайце яе да першага ходу. Гэта дазволена рабіць часам і вы не згубіце свой рэйтынг, але рабіць так часта - непрыгожа;
- Не прымушайце супернікаў чакаць без неабходнасці - не сыходзьце на працяглы час ад партыі;
- Не перарывайце злучэнне і не кідайце сайт, ня скончаўшы партыю, калі яна ідзе да паразы - дагульвайце партыю да канца, а калі бачыце, што не маеце шанцаў хаця б на нічыю, лепш здайцеся;
- Не абражайце і не абвінавачвайце супернікаў - паводзьце сябе прыстойна ды кантралюйце свае эмоцыі.
Парушэнні і бан
Гэта ўсё правілы этыкету інтэрнэт-шахматаў, праз неаднаразовае парушэнне якіх акаунт шахматыста трапляе пад бан. Спачатку бан тычыцца толькі турніраў, і каб ён быў зняты, трэба згуляць пэўную колькасць гульняў праз “агульны” выклік. Калі гулец будзе працягваць парушаць правілы (асабліва абражаць супернікаў), ягоны акаунт можа быць забанены назаўжды.
Чыцінг
Больш “прасунуты” ўзровень парушэнняў у інтэрнэт-шахматах - гэта чыцінг (выкарыстанне падчас сваіх гульняў кампутарных рухавікоў). Тут усе шахматныя пляцоўкі дзейнічаюць яшчэ больш жорстка ды баняць такіх гульцоў адразу, хоць выявіць іх і даволі складана. Часам chess.com знаходзіць чыцераў сам, але, калі вы самі падазраеце ў гэтым свайго суперніка, напішыце ў падтрымку сайта: на старонцы https://support.chess.com/article/346-contact-us трэба націснуць кнопку "Contact Us" ("звязацца з намі"). Яго партыі прааналізуюць і, калі трэба, забаняць.
Засвойце гэтыя правілы ды атрымлівайце асалоду ад гульні! Сумленная гульня - гэта павага да сябе, свойго суперніка ды шахмат!