З 7 лістапада па 18 снежня на chess.com праходзіў другі сезон Клубнай лігі, у якой удзельнічалі каманды шахматных клубаў з усяго свету. Браў удзел у спаборніцтвах таксама клуб Шахматны дом.
Адметнай асаблівасцю турніру было тое, што ў ім маглі браць удзел толькі клубы існуючыя ў афлайне, гэта значыць тыя, у якіх ёсць фізічнае месца, у якім збіраюцца яго сябры.
З кім давялося змагацца
Многія прыцягвалі да гульні за сваю каманду тытулаваных шахматыстаў - гросмайстраў і міжнародных майстроў. Мы ж вырашылі так не рабіць, а даць больш гульнявой практыкі ў сур'ёзных спаборніцтвах (у эпоху пандэміі гэта важна ўдвая) дзецям, іх бацькам і трэнерам - непасрэдным чальцам клуба. Зыходзячы з гэтага ў кампаніі некаторых клубаў-монстраў трэба было ставіць задачу выступіць дастойна і абагнаць тых, каго рэальна можна было абагнаць.
З некаторымі камандамі мы вымушаныя былі радавацца кожнаму здабытаму балу, кагосці мы былі на галаву вышэй, але самыя цікавыя матчы былі з камандамі прыкладна роўнымі па сілах.
"Монстры"
У катэгорыі першых апынуліся Batubey Chess Club (Турцыя), Cercle D'Echecs De Hull (Канада) і здавалася б Southern Arizona Chess (ЗША).
Першым двум не атрымалася навязаць барацьбу за агульны вынік у матчы, толькі некаторыя дошкі змаглі адабраць у супернікаў балы, што для нашых удзельнікаў ужо было поспехам - на кожнай з дошак супернікі значна пераўзыходзілі нас па рэйтынгу.
А вось матч з камандай з Арызоны апынуўся самым цікавым у турніры. Супернікі таксама пераўзыходзілі нас на ўсіх дошках па рэйтынгу, аднак не так моцна, як папярэднія. Таксама гэта быў апошні матч у сезоне і хацелася скончыць яго, здзейсніўшы невялікі подзвіг. І ён атрымаўся - у рапідзе мы мінімальна перайгралі супернікаў 12-10. І хоць у бліцы была параза 14-10 і сумарна ў матчы была зафіксавана нічыя - такі вынік на вагу золата.
Каманды, слабейшыя і роўныя нам па сілах
Матчы, у якіх мы былі нашмат мацней - з African Chess Lounge (ПАР) і Bahrain Chess Academy (Бахрэйн).
З астатнімі камандамі былі цікавыя роўныя матчы: La Zubia (Іспанія) - перамога ў рапід і параза ў бліц; Schachclub Hochstadt Ad Aisch (Германія) - крыўдная нічыя ў рапід і параза ў бліц.
Вынік
3 балы з 7 - цалкам годна і галоўнае практыка ў сур'ёзных партыях падчас пандэміі атрыманая.
Дзякуй усім, хто змагаўся за каманду, вы вялікія малайцы!
Напрыканцы некалькі задачак з партый матчу.
Паспрабуйце знайсці лепшы працяг.
1. Матч супраць Southern Arizona Chess, у пазіцыі ход чорных.
2. Матч супраць Cercle d'échecs de Hull, у пазіцыі ход белых.
3. Матч супраць Batubey Chess Club, у пазіцыі ход чорных.