Даволі частае пытанне бацькоў: дзіцёнак умее гуляць (навучылі дома ці ўжо займаўся шахматамі) - чаму яму прапануюць зноў групу для пачаткоўцаў? Ці не будзе яму сумна з навічкамі?
Тут важна зразумець, што прапаноўваючы групу для пачаткоўцаў, мы ў першую чаргу клапоцімся аб тым, каб з-за прапушчаных пачатковых тэм не засталося прабелаў у шахматных ведах. Бо гэтыя прабелы далей будуць тармазіць шахматны рост. Гэта тычыцца не толькі дзяцей, але дарослых, якія прыходзяць да нас займацца.
Чалавек можа ўмець гуляць і нават выйграе ў сяброў - здаецца, што на сваім узроўні ён добра гуляе ў шахматы, і гэта на самой справе так. Але, напрыклад, не робіць ракіроўку ў сваіх партыях. Выйграе і без яе. Але калі ён хоча развівацца ў шахматах далей - супернікі будуць ўсё мацнейшыя. І без ракіроўкі ўжо будзе не абысціся.
Чалавек можа ўмець гуляць, але не ведаць правіла "бой на праходзе". Ці можа лічыць, што пешка ператвараецца толькі ў ферзя. Або, хаця і ўяўляе як робіцца ракіроўка, але не ведае, што ў некаторых выпадках рокіраваць нельга. Гэтыя прабелы ў пачатковых ведах часта сустракаюцца.
Пачатковыя тэмы - гэта аснова, без якой вельмі складана будзе ў будучыні. Гэтыя пачатковыя тэмы павінны быць пройдзеныя, растлумачаныя, а галоўнае зразуметыя і засвоеныя.
Ці не будзе сумна на занятках?
У 99% выпадкаў не будзе. У некаторай ступені нават добра, калі дзіця ўжо ведае тое, пра што распавядае трэнер на занятку. Па-першае, паўтарэнне заўсёды карыснае. Па-другое, дзеці любяць адказваць на пытанні трэнера - так яны змогуць паказаць свае веды. Па гэтай жа прычыне тэзіс пра тое, што са слабейшымі шахматыстамі займацца будзе не цікава, не працуе. Наадварот, дзіця адчувае сваю перавагу ў ведах - гэта добра адбіваецца на яго самаацэнцы. Пры гэтым трэнер ні ў якім разе не дапускае, каб іншыя дзеці адчувалі сябе няўтульна па суседстве з больш дасведчаным аднагрупнікам.
А калі на занятках трэнер убачыць, што вучань моцна пераўзыходзіць у ведах групу і пры гэтым у яго няма прабелаў у важных пачатковых тэмах, то абавязкова будзе рэкамендаваць групу больш высокага ўзроўню.
Таму не варта перажываць: нашы трэнеры зробяць усё, каб на занятках кожны адчуваў сябе камфортна і пры гэтым атрымаў максімум ведаў, неабходных для развіцця у шахматах.