17-23 ліпеня беларускія шахматысты прымалі ўдзел у штогадовым шахматным фестывалі Bezmerov 2017 у Чэхіі. І атрымалі там выдатны вопыт, трафеі… Але пра ўсё па парадку.
Што за фестываль такі?
Безмераў – гэта вёска на ўсходзе Чэхіі, у Маравіі. Але вёска яна толькі па колькасці жыхароў, усе дарогі тут заасфальтаваныя, ёсць “культурны дом”, вялізнае футбольнае поле каля яго, гатэль з уласным рэстаранам. Атрыбуты нязвыклыя для вёскі беларускай. Усяго ў некалькіх кіламетрах ад Безмерава знаходзіцца горад Кромержыж – буйны культурны цэнтр з добрай інфраструктурай для турыстаў і двума аб’ектамі са спісу ЮНЭСКА. У 60 км ад турніру – другі па памерах горад Чэхіі – Брно.
Сам фестываль адбываецца кожны год у ліпені. У яго межах адбываюцца дзіцячы і дарослы турніры з класічным кантролем часу і рапід. Усе турніры адбываюцца з аблікам міжнароднага рэйтынгу.
Асноўны турнір фестывалю – дзіцячая “класіка”. Хоць гэты турнір і мае абмежаванне ў 13 год, пазмагацца за прызы могуць усе, нават самыя маленькія, бо прызавыя катэгорыі ёсць да 11, 9 і 7 гадоў, а таксама сярод дзяўчынак у гэтых узростах.
Наш удзел у турніры
Беларускія шахматысты ўдзельнічаюць у турніры ўжо другі год запар. Сёлета ў дзіцячым турніры гуляла 6 беларусаў і 1 у дарослым.
Фестываль пачаўся з рапідаў, дзе нас напаткалі першыя поспехі. Яна Прапірная (Шахматны дом, трэнер Барскі В.Я.) абышла ўсіх дзяўчынак і атрымала кубак і залаты медаль! (8 агульнае месца).
Мітрафан Патаповіч (СДзЮШАР 11, трэнер Аліпаў А.А.) стаў першым у нашай камандзе ды заняў агульнае 4 месца, за што атрымаў выдатнага плюшавага ферзя.
Гэткі ж прыз атрымала Варвара Марчанкова (Школа Шахмат, трэнер Папова Н.В.) за пятае месца сярод дзяўчатаў.
Класіка доўжылася 5 дзён і стала для нас больш складаным турнірам. Найлепшы вынік у камандзе паказаў Цімафей Дашчынскі (СДзЮШАР 11, трэнер Аліпаў А.А.).
Найлепшыя вынікі ў беларусаў былі ў катэгорыі да 7 год. Сярод дзяўчынак у канкурэнтнай барацьбе перамагла Варвара Марчанкова.
Сярод хлапцоў да 7 год першае месца заняў Уладзіслаў Бучнёў (Шахматны дом, трэнер Барскі В.Я.)
Сярод дзяўчат да 11 год Яна Прапірная атрымала трэцяе месца.
Мітрафан Патаповіч сярод хлапцоў да 9 год заняў пятае месца.
Варта адзначыць выступ Арцёма Рабкова (Шахматны дом, трэнер Барскі В.Я.), які паказаў добрую гульню і моцную хаду па дыстанцыі турніру. І не гледзячы, што апошні дзень аказаўся няўдалым, турнір можна занесці ў актыў.
Калі ацэньваць вынікі турніру для нашае каманды, то галоўнае, што атрымалі нашыя шахматысты, - гэта выдатны досвед, бо турнір быў даволі моцны і ўсе супернікі былі незнаёмыя. Галоўнае зараз - прааналізаваць згуляныя партыі і зрабіць правільныя высновы, каб палепшыць сваю гульню. І ўсіх можна павіншаваць з тым, што нехта вяртаецца на Радзіму з трафеямі, а нехта з паляпшэннем свайго міжнароднага рэйтынгу.
Адпачынак на фестывалі
Вядома ж мы не ўвесь час толькі гулялі ды разбіралі партыі. Быў час, каб расслабіцца ды набрацца сілаў.
Прапаную вашай увазе невялічкую фотасправаздачу.
Мы ў Вене:
Мы ў Кромержыжы:
Мы ў Брно:
Мы гуляем у футбол з мясцовымі шахматыстамі:
Да наступнага фестывалю цэлы год, ёсць час падрыхтавацца і выступіць яшчэ мацней!