З 25 па 29 жніўня ў горадзе Мінску ў памяшканні РЦАП праходзіў асабісты чэмпіянат Рэспублікі Беларусь сярод інвалідаў. Гэта быў ужо 25 юбілейны чэмпіянат і па збегу абставін у турніры прынялі ўдзел 25 наймацнейшых шахматыстаў краіны, якія прайшлі адбор у сваіх рэгіёнах. Адным з іх быў трэнер нашага клуба Яўген Койшман.
Арганізатарамі было адзначана, што турнір сабраў самы моцны склад за ўсю гісторыю яго правядзення! Сярод удзельнікаў спаборніцтва былі 3 майстры спорту, 2 КМСа з майстарскімі баламі, а таксама 5 чэмпіёнаў краіны розных гадоў. Чэмпіянат праходзіў па швейцарскай сістэме ў 7 тураў з кантролем 1 гадзіна 30 хвілін на ўсю партыю.
Да 4 тура ўтварылася тройка прэтэндэнтаў на званне чэмпіёна. Менавіта гэтая тройка, у складзе Дзмітрыя Вярбіцкага (Баранавічы), Вячаслава Смольскага (Асіповічы), Яўгена Койшмана (Мінск) у такім парадку дружна ішла і дабралася да вырашальнага 7 тура. Перад апошнім турам ва ўсіх 3 прэтэндэнтаў было па 5 балаў, але найлепшыя шанцы былі ў Дзмітрыя Вярбіцкага, яго каэфіцыент быў на 1 адзінку вышэй чым у Вячаслава Смольскага і на 2.5 адзінкі вышэй чым у Яўгена Койшмана, тым больш што лідэру дасталося больш зручнае лёсаванне ў выглядзе першаразрадніка Аляксандра Серады (Мінск), а вось двум іншым прэтэндэнтам давялося высвятляць адносіны паміж сабой. Вячаслаў і Яўген да гэтага турніру сустракаліся толькі двойчы і абедзве партыі скончыліся ў нічыю: у першым выпадку гэта дазволіла стаць чэмпіёнам краіны ў 2014 годзе Вячаславу, а ў другім выпадку ў 2015 годзе Яўгену.
Дзмітрый Вярбіцкі, які адбіў напад у дэбюце і дачакаўся памылкі ў роўным заканчэнні, адолеў свайго суперніка. У гэтай сітуацыі нічыя ўжо не задавальняла двух іншых прэтэндэнтаў, тым больш, што перамога ў чэмпіянаце дазваляла Вячаславу выканаць майстарскую норму. Няўдалы пачатак партыі Вячаслава Смольскага дазволіў Яўгену Койшману захапіць ініцыятыву і правесці вырашальную атаку, у выніку якой Вячаслаў прызнаў сваю паразу. Мабыць гэта бітва двух фаварытаў апошніх гадоў дазволіла «нябеснай канцылярыі» павярнуць сітуацыю на карысць Яўгена Койшмана і яго каэфіцыент з -2.5 адзінкі ператварыўся ў + 1 адзінку.
Чэмпіёнам краіны ў 6 раз стаў Яўген Койшман, другое месца ў Дзмітрыя Вярбіцкага, бронза ў Вячаслава Смольскага, 4 месца заняў Аляксандр Мірончык (Магілёў), пятае месца - Аляксандр Серада, 6 месца - чэмпіён РБ 2013 года Аляксандр Жук (Мінск). Гэтыя ўдзельнікі былі ўзнагароджаны памятнымі прызамі, прадастаўленымі аб'яднаннем «ШАНЕЦ», а таксама атрымалі права ўдзелу ў чэмпіянаце РБ сярод інвалідаў 2018 г. без адбору.
Удзельнікі чэмпіянату выказалі падзяку Міністэрству Спорта і турызма за арганізацыю чэмпіянату і прадастаўленыя прызы, кіраўніцтву РЦАП за прадастаўленне памяшкання, а таксама судзейскай брыгадзе за правядзенне турніру.