Ва ўсім свеце цяпер складаны і няпросты час. Вакол нас хварэюць людзі - незалежна ад грамадзянства, прафесіі і сацыяльнага статусу, і ўсе мы імкнемся змагацца з гэтай нябачнай пагрозай: старанна мыем рукі, знаходзім або робім самастойна марлевыя павязкі, выкарыстоўваем антысэптыкі і ЗАСТАЕМСЯ ДОМА.
І калі хадзіць у прадуктовую краму час ад часу ўсё ж такі патрэбна, то паміж спартыўнымі заняткамі і бяспекай кожны з нас абярэ бяспеку і застанецца дома. Дарослыя, хто можа, працуюць дыстанцыйна, каб не пакінуць бяз грошай сям’ю, а дзецям, якім яшчэ і вакацыі працягнулі, трэба ўвесь час знаходзіць заняткі – каб і цікава было, і пазнавальна, і развіццё ішло ў патрэбным накірунку. А яшчэ каб гэтае дзіцё не перашкаджала працы бацькоў, не разграміла кватэру і не ўтаропілася ў камп’ютарныя гульні. Карацей кажучы, каб было ціха і карысна! Знаёмая праблема?
Які занятак вырашае ўсе гэтыя пытанні? Шахматы!
Гэта, бадай, адзіны від спорту, якім можна займацца, не выходзячы з дому і не перашкаджаючы астатнім. Неабходны толькі камп’ютар з вэб-камерай і мікрафонам, спадзяемся, гэтыя прылады ёсць амаль у кожнай сям’і.
Значна складаней знайсці анлайн-школу, дзе б заняткі былі даступныя, эфектыўныя і цікавыя. Мы ж маем на ўвазе дзяцей, так? Звычайна ў інтэрнэце прапануецца два тыпу заняткаў:
- індывідуальныя – досыць эфектыўныя і цікавыя, але і досыць балюча б’юць па кішэні;
- групавыя, часцей за ўсё ў выглядзе вебінараў, а вебінар па сутнасці – гэта лекцыя, без паўнавартаснай зваротнай сувязі і актыўнага ўдзелу слухачоў і гледачоў. Даросламу цяжка не заснуць на лекцыі, а мы ж маем на ўвазе дзяцей, так?
Анлайн-заняткі ў Шахматным Доме
Каманда Шахматнага Дома паспрабавала сумясціць, здавалася б, несумяшчальнае – эфектыўнасць індывідуальных заняткаў і даступнасць групавых. Ідэал – калі анлайн-ўрокі максімальна падобныя да заняткаў у класе. І гэта атрымалася! Вучні бачаць не толькі шахматную дошку, але і свайго любімага трэнера, а той, у сваю чаргу, адначасова мае магчымасць бачыць і чуць кожнага вучня. Дошкай кіруе трэнер – разбірае партыі і пазіцыі, ставіць задачы, а таксама ў дыялоге тлумачыць тэмы, задае пытанні вучням, выслухоўвае адказы. Ўсё як на звычайным занятку! Толькі ніхто не піхае суседа, але ж гэтую праблему пакінулі на будучыню
Больш падрабязна аб тым, як праходзяць нашыя анлайн-заняткі, можна даведацца тут
Распрацаваная намі сістэма анлайн-навучання падчас двухтыднёвага тэставання паказала сваю працаздольнасць, а галоўнае, была станоўча ацэненая нашымі вучнямі. І зараз мы можам смела казаць: Мы адкрываем новы клуб – Шахматны Дом-анлайн!
Запрашаем у новы Шахматны Дом!
Мы запрашаем усіх нашых вучняў, якія наведвалі заняткі ў клубах Шахматнага Дома на праспекце Пушкіна і Партызанскім праспекце, (гэтыя клубы пакуль адчыненыя толькі 2 разы на тыдзень), а таксама шахматыстаў з нашых філіялаў на Бяды і Чапаева (на жаль, філіялы пакуль мы вымушаныя часова закрыць).
А таксама запрашаем вучняў іншых шахматных школ і клубаў, якія пазбаўленыя магчымасці наведваць свае заняткі ў звычайным рэжыме. Ласкава просім не крыўдзіцца на нас трэнераў іншых школ, чыі дзеці будуць часова займацца ў нашым клубе анлайн. Мы упэўненыя, што ўсе дзеці вернуцца да ўлюбёных настаўнікаў, калі эпідэміялагічнае становішча палепшыцца.
І тады мы ўсе сустрэнемся на турнірах і гульнях, не праспаўшы марна вымушаны час абмежаванняў, а з карысцю і добрым настроем падняўшы уласны шахматны ўзровень!