шахматы

Сёння 20 ліпеня, а гэта значыць, што 193 нацыянальныя федэрацыі, якія ўваходзяць у склад ФІДЭ, адзначаюць Міжнародны дзень шахмат. Шахматы - гэта самая папулярная настольная гульня ў свеце. Паводле даследавання кампаніі YouGov (анг.), 605 мільёнаў дарослых гуляюць у шахматы рэгулярна - а гэтая лічба параўнальная з колькасцю пастаянных карыстальнікаў Facebook. На самым папулярным шахматным партале Chess.com зарэгістравана амаль 30 мільёнаў карыстальнікаў і кожны дзень гуляецца каля 3 мільёнаў партый.

Тым не менш, нямногія ведаюць гісторыю шахмат, адкуль прыйшла да нас шахматная тэрміналогія і як ідуць справы з шахматамі ў Беларусі. І ў гонар дня шахмат мы вырашылі зладзіць невялічкі шахпрасвет :)

Паслухайце, што расказвае пра беларускія шахматы гісторык і кіраўнік клуба Шахматны дом Віктар Барскі

Ніжэй мы прыводзім расшыфроўку аўдыёзапісу

Шахматы на Беларусі

Шахматы з’явіліся на Беларусі вельмі рана – як яны з’явіліся ў Еўропе, так і на тэрыторыи нашай краіны пачалі у іх гуляць. Першапачаткова гэта была элітарная гульня – у яе гулялі князі, магнаты, шляхта. Напрыклад, у Гародні падчас раскопак старога замку знаходзілі нават не адну – тры ці чатыры шахматныя фігуркі, і склаўся ледзь не ўвесь шахматны камплект. Мабыць, нашы знакамітыя продкі – такія як Вітаўт – таксама гулялі ў шахматы. Канечне, гэта пакуль што ніхто дакументальна не падцвярджае, але, калі шахматы знойдзены ў старым замку, значыць, нехта ў іх там гуляў. 

З часам іх папулярнасць пашырылася і на іншыя слаі насельніцтва, але гэта адбылося ужо бліжэй да 19 стагоддзя. Шахматы былі папулярны сярод класікаў беларускай літаратуры. Захаваліся фотаздымкі, як у іх гулялі дзеячы беларускай інтэлігенцыі і пісьменніцтва. У шахматы гулялі Янка Купала, Максім Танк. З гэтага захаваліся шматлікія фатаздымкі, праўда, дрэннай якасці. Калі дома ў Янкі Купалы (зараз у Купалаўскім парку) збіраліся ягоныя сябры, таксама беларускія пісьменнікі, яны там часта гулялі ў шахматы, і гэта зафіксавана. Сын Якуба Коласа расказваў, што калі яго бацька збіраўся з сябрамі, яны часам сядзелі за шахматнай дошкай і так бавілі час. 

Сярод беларускіх шахматыстаў савецкага часу вылучаецца Віктар Купрэйчык, які, на жаль, нядаўна сышоў ад нас. Ён быў вельмі вядомым у 80-я гады аж на савецкім узроўні, а савецкія шахматы тады былі самымі моцнымі ў свеце, і ён быў на перадавой гэтых шахмат. 

З больш ранніх часоў можна назваць вядомага шахматыста Давіда Яноўскага. Па нацыянальнасці ён быў габрэем, але нарадзіўся ў Ваўкавыску, ў Заходняй Беларусі. У той час гэта была тэррыторыя Польшчы, адпаведна, ён гуляў за Польшчу і лічыўся польскім шахматыстам, але мы можам яго лічыць таксама і беларускім шахматыстам. Для свайго часу ён быў вельмі значным шахматыстам, нават гуляў за званне чэмпіёну свету. Гэта адзін з двух выхадцаў з Беларусі, якія дасягнулі такога высокага ўзроўню. 

Другі такі вядомы у свеце шахматыст, з больш позніх часоў, - Барыс Гельфанд. Ён дзейны шахматыст, нават зараз гуляе. Мы можам лічыць яго беларускім шахматыстам, бо ён нарадзіўся ў Мінску, ён выхаванец беларускай школы - навучыўся гуляць у шахматы і стаў гросмайстрам у Мінску. Але зараз ён выступае за Ізраіль, і ў 2012 гуляў за званне чэмпіёну свету з індыйскім чэмпіёнам Вішы Анандам, але, на жаль, прайграў. Але гэта ўсё роўна вялізнае дасягненне. 

Як выглядалі шахматныя фігуркі

З канямі складана – іх цяжэй захаваць праз стагоддзі, бо там фігуркі больш складаныя. А вось, напрыклад, ладдзя, якая зараз у нас проста як вежачка робіцца, таму што гэта прасцей, першапачаткова – гэта вялікі човен, з дапамогай якого перасоўваліся па рэках. Вось у 14-15 стагоддзях ладдзя была тым самым чоўнам, і тое, што адкапваюць зараз, - гэта даволі складаная фігурка. 

Ёсць традыцыйная розніца па назвах у розных мовах. Напрыклад, ладдзя ў нас (і ў Караткевіча) традыцыйна называецца ладдзя, хаця ёсць розныя варыянты, “тура”, напрыклад. У нямецкай мове гэта “turm”, вежа. У англійскай мове гэта “rook”. У нас і ў рускай гэта ладдзя, і я знаходжу гэта натуральным, бо ў нас ладдзі плавалі па рэках, і нашым продкам было зразумела, што гэта такое. Праўда, вежа таксама было зразумела. 

А сланы – гэта троху не нашае, канечне. Гэтая назва прыйшла наўпрост з усходу. Далей на захад, у той жа самай англійскай мове, слон – гэта “bishop”, епіскап. І сучасная выява падобна на біскупа, на ягонае аддзенне. На слана, канечне, не падобная, але сапраўднага слана таксама складана выразаць з дрэва ці з косткі, з таго, з чаго шахматныя фігуркі рабілася раней. 

З 16 стагоддзя эліты пачалі збольшага размаўляць па-польску, таму і шахматная тэрміналогія была польскамоўная. Таму складана аднавіць, як гэта было на старабеларускай мове, бо дакументаў няма, а вусных крыніц за такі прамежак часу ніяк не магло захавацца. Наколькі я ведаю, конь так і быў “конь”. Тут таксама можна прыводзіць аналогіі з рознымі мовамі, але у нас конь – традыцыйная жывёла. Хаця ў той жа самай англійскай мове конь – гэта “knight”, рыцар.

Што датычыцца ферзя і каралевы, то, калі пераходзіць да тэмы сучаснай тэрміналогіі, можна выкарыстоўваць розныя назвы. Традыцыйна ў Беларусі і ў савецкай шахматнай школе, якая была моцнай, і у шахматы шмат хто ўмеў гуляць, ферзь быў ферзём. Толькі на аматарскім узроўні яго называлі каралевай, але прафесіяналы да гэтага пагардліва ставіліся, лічылі, што гэта няправільна, ён ферзь. Так склалася. 

Напрыклад, я вяду заняткі на расейскай мове ў рускамоўных групах. Там таксама некаторыя пачынаюць казаць “каралева”, як іх навучылі бабулі-дзядулі, і я кажу, што гэта няправільна, што гэта ферзь. А у беларускай мове я больш паблажліва да гэтага стаўлюсь, там можна і так, і гэтак. А кароль – ну так, ён кароль. Ёсць яшчэ варыянты называць ферзя, напрыклад, “гетманам”, больш падобна на польскую мову, ці “візырам”, таксама ёсць такое слова. Але я лічу, што няправільна развіваць паралельна дзве сістэмы, таму выкарыстоўваю традыцыйныя назвы, якія паходзяць з расейскай мовы. Для меня важна, каб назвы грунтаваліся на нейкіх гістарычных падставах, і ёсць пытанне, адкуль гэтае слова ўзялося.

Адкуль паходзіць шахматная тэрміналогія 

Тэрміны “шах” і “мат” паходзяць з Персіі, з іранскай мовы - фарсі. Першапачткова шахматы прыдумалі у Індыі, але то былі не зусім шахматы. Мэта гульні была тая ж самая, трэба было паставіць мат каралю суперніка, але была іншая дошка, і фігуркі, і іх функцыі былі іншыя. А пасля, калі гульню завезлі у Персію, яна змянілася. У Індыі яна называлася чатуранга, у Персіі гэта быў шатрандж. І вось шмат якія тэрміны паходзяць менавіта адтуль. Нават сама назва “шахматы” – гэта персідская назва. Гэта азначае “шах памёр”, “канец шаху”, што адлюстроўвае мэту гульні, і ў розных еўрапейскіх мовах назвы ў большай ці меньшай ступені аднолькавыя. І шмат якая тэрміналогія пайшла адтуль, з Персіі. 

Таксама шмат якія словы да нас прыйшлі з нямецкай мовы, бо доўгі час у 20-м стагоддзі галоўнай мовай шахмат свету была нямецкая. І словы “цугцванг”, “эндшпіль”, “міттэльшпіль”, “дэбют” (хоць і не нямецкае слова па паходжанні) да нас прыйшлі адтуль. Гэтыя тэрміны нямецкамоўныя. І нямецкі ўплыў адлюстроўваецца нават у тым, як мы зараз называем палі на шахматнай дошцы. На шахматнай дошцы ёсць восем лічбаў і восем літар. Лічбы – яны лічбы і ёсць, а літары – лацінскія, зразумела, - традыцыйна называюцца з нямецкім вымаўленнем: а, бэ, цэ (не сі, напрыклад, англійскае), дэ, е, эф, жэ, аш, – чытаецца па-нямецку. 

Пра іншыя тэрміны таксама можна распавесці. Ёсць некаторыя назвы шахматных прыёмаў, якія часткова проста перакладаюцца наўпрост, накшталт “ракіроўкі” – яна і ёсць ракіроўка, там нічога выдумляць не трэба. Хаця я часта выкарыстоўваю вобразную назву, “будаўніцтва замка”, і тое, што пасля ракіроўкі адбываецца, называю замкам. І што вельмі важна, дзецям гэта зразумела, зразумела, для чаго гэта робіцца, бо мы не проста робім ракіроўку, для таго каб кароль быў у бяспецы, а каб ён пабудаваў сабе замак, і вось праз гэта ён у бяспецы. Я сам пачаў гэта выкарыстоўваць, а пасля даведаўся, што па-англійску “ракіроўка” называецца “castling”, кшталту будаўніцтва замку, а тое, што адбываецца пасля ракіроўкі, таксама называецца “castle” – замак.

Яшчэ ёсць іншыя назвы прыёмаў, напрыклад, у расейскай мове традыцыйна ёсць “вілка” – гэта прыём, калі адна нашая фігура нападае на дзве фігуры суперніка. І калі я пачаў весці заняткі па-беларуску і ўстала пытанне, як назваць прыём па-беларуску, думаў, ці назваць гэта відэльцам, ці пакідаць, можа, вілкай. Менавіта тут вырашыў, што больш правільна будзе называць гэта усё ж такі відэльцам. Так і пайшло, дзецям падабаецца такая назва. Ёсць іншыя назвы, кшталту там, “лінейны ўдар”, але ён так і застаецца, ён падобны. 

Звяртаючыся да пытання, ці рускамоўным дзецям складана ў беларускамоўных групах, - не складана, бо тэрміналогія вельмі падобная. І мне больш важна, каб самі заняткі вяліся па-беларуску, а не выдумляць нейкія новыя беларускамоўныя тэрміны.

Беларускамоўная шахматная літаратура

У савецкія часы абсалютная большасць літаратуры была рускамоўная, яна нават за мяжой лічылася вельмі якаснай. Бо савецкая школа была аб’ектыўна самай моцнай у свеце. Нават вядомая гісторыя, што Боббі Фішэр, амерыканскі чэмпіён свету, вывучыў рускую мову для таго, каб чытаць кніжкі па-руску.

Беларускамоўныя шахматы таксама былі, і гэта тэма мяне цікавіць, хоць я, шчыра кажучы, вельмі глыбока не займаўся. У эпоху беларусізацыі, у 20-я гады, ў газетах былі шахматныя слупкі, якія вяліся па-беларуску. Але трэба вельмі падрабязна корпацца ў літаратуры, у тых самых газетах, у архівах сядзець, на жаль, часу на гэта няма, але гэта вельмі цікава і з пункту гледжання тагачаснай тэрміналогіі. У больш познія часы беларускамоўная літаратура не ў вялікай колькасці, але з’яўлялася, у мяне ў клубе нават ёсць асобная палічка беларускамоўнай літаратуры, ёсць асобна шахматныя задачкі, у якіх заданні па-беларуску напісаны, ёсць шахматныя публіцыстычныя беларускамоўныя выданні, якія я таксама вельмі цаню. 

Ёсць беларускі аўтар Вольф Рубінчык, які вельмі цікавіцца шахматнай даўніной, вядзе ў інтернэце сваю старонку па-беларуску і вельмі часта піша пра шахматы. Ён у свой час, на пачатку 10-х гадоў ці у канцы 2000-х, выдаў па-беларуску публіцыстычную кніжку пра шахматы. Калі казаць пра аўтараў, на Берасцейшчыне ёсць аўтар Сцяпан Давыдзюк, ён таксама шмат выдаваў. Ён, дарэчы, і па-ўкраінску выдаваў, і па-беларуску. Шмат якія кніжкі выдаваліся на абедзьвух мовах.

Каментары  

# Вольф кмс 2019-07-22 09:34
Дзякуй, што ўспомнілі :) Але, праўду кажучы, Вольф Рубінчык сваёй інтэрнэт-старонкі не мае. З вясны 2018 г. папаўняе аддзел "Беларускія шахматы" ў часопісе "Роднае слова". Што з гэтым аддзелам будзе налета, не ведаю, бо ў часопісе вялікія перамены.
Пад эгідай суполкі "Шах-плюс" публіцыстычных кніжак па-беларуску выдадзена тры: "На шахматныя тэмы" (2007), "Жывуць вольныя шахматы" (2010), "Нарысы шахматнай мінуўшчыны і будучыні" (2014). І адна - навукова-папулярная: "З гісторыі Беларусі шахматнай" (2012). Можна лічыць навук.-папулярным і зборнік, прысвечаны 100-годдзю Я. Камянецкага: "Вартавы шахматнага лабірынта" (2015). Усё даступна ў Нацыянальнай бібліятэцы.
# Віктар 2019-07-26 23:06
Так, сапраўды Вольф Рубінчык сваёй інтэрнэт-старонкі не мае, але вядзе калонку на сайце https://belisrael.info З выданнямі аўтара можна азнаёміцца не толькі ў Нацыянальнай бібліятэцы, а таксама ў нашым клубе на Пушкіна, 28 (праўда не з усімі).
Яшчэ адна факталагічная памылка ў матэрыяле:
Давід Яноўскі ніколі не гуляў за Другую Рэч Паспалітую, бо нарадзіўся ў Расейскай Імперыі, а пасля жыў у Францыі ды ЗША
# Вольф кмс 2019-07-28 00:08
Калонка? Хай будзе так :)
Калі ў бліжэйшы час запросіце прачытаць лекцыю на тэму "ш-ты і бел. літаратура" ў Вашым клубе, то, хутчэй за ўсё, не адмоўлюся. Потым мог бы і сеанс даць для гульцоў 4-3-га разрадаў.
Мэйл для сувязі, напрыклад, тут: https://belisrael.info/?p=20470
# Вольф 2020-02-04 10:15
"ШД" на сувязь не выйшаў, ну і ладна. Лекцыю прачытаў у музеі гісторыі бел. літаратуры, сеанс нядаўна даў у Барысаве. Усяго добрага.

Дадаць каментарый